ГУ́МАВАГА АБУ́ТКУ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

падгаліна гумаазбеставай прамысловасці для вырабу абутку з натуральнага або сінт. каўчуку з выкарыстаннем тэкст. матэрыялаў. У залежнасці ад прызначэння гумавы абутак падзяляюць на бытавы, спарт. і тэхн.; апошні прызначаны для аховы ног чалавека ад уздзеяння вады, агрэсіўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў і інш.), нізкіх т-р, удараў і інш. (напр., боты для рыбакоў, шахцёраў, рабочых хім. вытв-сцей і інш.). Абутак падзяляецца па відах тэхналогіі стварэння: клеены (на канвеерах — склейваннем папярэдне падрыхтаваных дэталей), штампаваны (штампуюць на спец. прэсах з наступнымі лакіраваннем і вулканізацыяй), фармаваны (прасуюць у формах з адначасовай вулканізацыяй). Гэта вытв-сць развіта ў многіх краінах свету, асабліва ў ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, краінах Еўропы. На Беларусі гумавага абутку вытворчасць развіваецца з 1950-х г. Дзейнічаюць Гомельскі завод хімічных вырабаў, Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, Крычаўскі завод гумавых вырабаў.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)